У рэдакцыі Радыё Рацыя прайшла сустрэча памяці Вітольда Ашурка (абноўлена)
Год таму, 21 траўня 2021 года, не стала палітвязня і актывіста Вітольда Ашурка. Ён памёр пры нявызначаных абставінах у шклоўскай калоніі – спынілася сэрца. Дагэтуль невядома, што здарылася і хто вінаваты, следчы камітэт вядзе праверку, але справу не завялі да гэтай пары.
Праваабарончы цэнтр „Вясна” дзень смерці Вітольда Ашурка абвясціў Днём палітвязня ў Беларусі. Таму 21 траўня ў рэдакцыі Беларускага Радыё Рацыя сустрэліся тыя, хто хацеў выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.
Сустрэча прысвячалася Вітольду Ашурку, які паўплываў на многіх людзей — і пры жыцці, і пасля смерці, кажа арганізатар сустрэчы Уладзімір Хільмановіч:
-Гэта быў духоўны брат, я не баюся гэтага высокага азначэння. Таму што мы заўсёды былі побач у час розных фэстаў, асабліва па ўшанаванні паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы, у Якушоўцы, у Лідскім раёне. І мы перасякаліся менавіта на такіх беларускіх грамадскіх акцыях. Я адчуваў вялікую энергетыку і пазітыў гэтага чалвека.
Удзельнікі сустрэчы:
–Смерць Вітольда была моцным ударам для мяне і для ўсёй Беларусі, безумоўна. Бо гэта проста вынішчэнне – тое, чым займаюцца ўлады. І напэўна пік такога вынішчэння людзей, калі проста чалавека запіхваюць у такія ўмовы, калі ён не можа выжыць.
–Гэта спроба неяк звязаць тых, хто вымушана падзелены, такое не раз было ў нашай гісторыі, але тым не менш, трэба гэтыя штучныя падзелы знішчаць. І такія падзеі акурат дапамогуць.
У Дзень палітвязня ў Беларусі у рэдакцыі нашага радыё прысутныя напісалі лісты салідарнасці беларускім палітвязням. Таксама былі зачытаныя паэтычныя творы, якія прысвячаліся палітзняволеным.
Беларускае Радыё Рацыя