У рэдакцыях Hrodna.Life і NewGrodno.bу адбыліся ператрусы



У рэдакцыях незалежных парталаў Hrodna.Life і NewGrodno.bу адбыліся ператрусы.

Першым месцам, куды завіталі міліцыянты, каб патрапіць у рэдакцыю Hrodna.Life, была крама „Адметнасць”. Пра дзеянні міліцыянтаў кажа ўладальнік крамы Сяргей Вераменка:

– Дакладна а 11-й гадзіне раніцы ў нашу краму прыйшла група асобаў. Было каля 10 чалавек, не меней за 10 чалавек. Яны былі ў шлемах, у масках, са зброяй, з пісталетамі, на іх было напісана АМАП. Прадстаўляцца адмаўляліся, спрабавалі забраць мой мабільны тэлефон. Разам з імі быў начальнік Вайцешка, які сказаў, што да мяне яны прэтэнзій не маюць, а маюць прэтэнзіі да суседзяў. Пасля пайшлі ў іх памяшканні нейкія свае дзеянні рабіць. 

Паводле слоў Сяргея Верамеенкі, міліцыянты паводзілі сябе вельмі груба:

– Тыя, якія былі з надпісам АМАП, усяляк абражалі мяне, здзяйснялі маральны ціск. Адзін з іх нават назваў майго дзеда паліцаем, хаця мой дзед з вайны вярнуўся з ордэнам. Я яму патлумачыў, што трэба разбірацца ў гісторыі. Усяляк абражалі бел-чырвона-белую сімволіку, называлі нацыстам. Паказвалі нейкія сцягі, на якіх бел-чырвона-белая сімволіка была спалучана з нацысцкай свастыкай. Гэта вельмі было падобна на грубы фоташоп. Пазней, калі да нас зайшоў адзін з наведнікаў, яны пачалі сябе паводзіць больш лагодна.

Прэтэнзій да крамы, у якой цягам апошніх месяцаў было некалькі праверак, міліцыя не мела.

Сюды, на Кірава, 3, дзе знаходзіцца рэакцыя Hrodna.Life прыехалі амапаўцы, людзі ў цывільным, з імі кіраўнік міліцыі Аляксей Вайцешка і кіраўнік прэс-службы Гарадзенскага ГАУС Яўген Дудко:

Як паведаміла прэс-служба УУС Гарадзенскай вобласці, супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Гародні падчас маніторынгу сеткі інтэрнэт выяўленыя факты захоўвання рэсурсамі прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. „Гаворка ідзе аб захоўванні матэрыялаў аднаго тэлеграм-канала, які ў кастрычніку і лістападзе 2020 года судом Цэнтральнага раёна Менска прызнаны экстрэмісцкім”.

Ва УУС адзначылі, што „матэрыялы знаходзіліся ў вольным доступе, а рэдакцыі названых інтэрнэт-рэсурсаў мелі дастаткова часу для прывядзення сваёй дзейнасці ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства Беларусі па супрацьдзеянні экстрэмізму, чаго імі зроблена не было. Больш за тое, абодва рэсурсы асвятлілі ў сябе прызнанне матэрыялаў дэструктыўнага тэлеграм-канала экстрэмісцкімі”.

Распачаты адміністрацыйны працэс. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС пры падтрымцы байцоў АМАП правялі агляды рэдакцыйных памяшканняў Hrodna.life і NewGrodno.by, канфіскавалі аргтэхніку абедзвюх рэдакцый для яе далейшага накіравання на экспертызы.

Прэс-служба УУС адзначае, што „адказнасць за захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прадугледжаная арт. 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і цягне накладанне штрафу ў памеры да 500 базавых велічынь, а таксама канфіскацыю прадметаў і прылад здзяйснення правапарушэнняў”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча