У роднай вёсцы паэта Анатоля Сыса прайшло свята паэзіі (абноўлена)
Сёлета арганізатары мерапрыемства з «Саюза беларускіх пісьменнікаў» зрабілі рэбрэндынг фестывалю, які стаў называцца «Агмень» — у гонар адной з кніг Анатоля Сыса.
На імпрэзе прысутнічалі літаратары і прыхільнікі творчасці Анатоля Сыса з некалькіх рэгіёнаў Беларусі і Падляшша. Бард і пісьменнік Зміцер Бартосік лічыць камерны фармат свята прымальным, але мяркуе, што асоба Анатоля Сыса заслугоўвае большага ўшанавання.
— Сама постаць Анатоля Сыса патрабуе большага маштабу. Ну што я буду гаварыць вядомыя ісціны? Гэта адзін з самых галоўных паэтаў 80-х гадоў. Магчыма самая яркая паэтычная зорка Беларусі 80-х гадоў. Чаму не разумее мясцовы аддзел культуры, я не магу ўлезці да іх у галаву.
Мерапрыемства прайшло на падворку роднай хаты Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна.
Свята паэзіі Анатоля Сыса ў наведалі і госці з Падляшша. Пісьменніца Ганна Кандрацюк і кіраўнік Беларускага саюза ў Польшчы выступілі перад гасцямі фэсту, а таксама перадалі ў неафіцыйны музей, створаны ў роднай хаце Анатоля Сыса, кнігі, якія выйшлі пры падтрымцы тыднёвіка “Ніва”.
Яўген Вапа адзначае, што паэзія Анатоля Сыса паказвае, што беларусы маюць літаратуру еўрапейскага ўзроўню.
— Беларуская літаратура — роўная сярод іншых еўрапейскіх літаратур. Мы можам хваліцца перад палякамі і іншымі нацыямі, што наша літаратура не з горшых. І менавіта падпісаны Анатолем збонік “Агмень” стаіць у мяне на паліцы як адна са святых кніг.
Аўтарка кнігі ў жанры нон-фікшн “Па Прыпяці па Нобель” Ганна Кандрацюк заўважае, што апошні прыезд у Гарошкаў натхніў яе на напісанне кнігі.
— Я вярнулася ў Гарошкаў. Я пабывала тут 10 гадоў таму і гэтая вандроўка мяне настолькі натхніла, што я напісала кніжку, прысвечаную Анатолю Сысу. Яна апавядае пра нашу супольную палескую прастору: Падляшска-Гомельскую.
Свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса праходзіць па ініцыятыве сваякоў паэта і пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў”. Сёлета аўтару зборнікаў вершаў “Агмень”, “Пан лес” і “Сыс” споўнілася б 58 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя