У розных гарадах Беларусі ўлады забараняюць пікеты ў падтрымку прафсаюза РЭП
У розных гарадах Беларусі ўлады забараняюць праводзіць пікеты ў падтрымку незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), кіраўніцтва якога знаходзіцца пад крымінальным пераследам.
Пікеты 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, планавалася правесці ў 14 гарадах. Мэта акцый — патрабаваць ад уладаў спыніць крымінальную справу, масавыя допыты і ўмяшанне ва ўнутраныя справы прафсаюза.
У Гомельскай вобласці пікеты былі заяўленыя ў Гомелі, Жлобіне, Добрушы, Мазыры, Калінкавічах і Рэчыцы. Ужо вядома, што ў Гомелі, Мазыры і Калінкавічах ўлады забаранілі правядзенне акцый. У адказе Гомельскага гарвыканкама, у прыватнасці, згадваецца, што заяўнікі пікета Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак у сакавіку мінулага года былі асуджаныя па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку масавага мерапрыемства), таму не могуць выступаць арганізатарамі вулічнай акцыі. Акрамя таго, заяўнікі прасілі дазволіць правесці пікет на пляцоўцы, якая не адносіцца да ліку месца, вызначаных уладамі для правядзення масавы мерапрыемстваў.
У Калінкавічах заяўку на пікет падаваў мясцовы актывіст прафсаюза РЭП Дзяніс Рабянок. Ён паведаміў БелаПАН, што яму адмовілі „па традыцыйных прычынах — адсутнасць дамовы з міліцыяй, камунальнікамі і медыкамі”. Райвыканкам таксама лічыць, што месца ў цэнтры горада не падыходзіць для пікета, бо масавыя мерапрыемствы ў Калінкавічах можна праводзіць толькі на бязлюднай пляцоўцы ля возера.
„Сімвалічна, што пікет планаваўся ў Дзень Канстытуцыі, якая гарантуе нам права на выказванне меркавання шляхам правядзення мірных сходаў. Але па факце мы гэтага права пазбаўленыя, і дасылкі да Канстытуцыі не маюць для мясцовай улады ніякага значэння. Улада баіцца любой актыўнасці, і таму стварыла такі закон аб масавых мерапрыемствах, які зараз выкарыстоўвае для таго, каб усё забараняць”, — заявіў Рабянок.
Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка ў каментары БелаПАН адзначыў: ён не сумняваецца, што ўлады адмовяць у правядзенні пікетаў і ў іншых гарадах.
Судаленка таксама нагадаў, што права на выказванне свайго меркавання падчас мірнага сходу гарантаванае кожнаму беларусу Канстытуцыяй. Таму заяўнікі і выбралі дату 15 сакавіка — каб у Дзень Канстытуцыі людзі маглі скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на публічны пратэст. Ён прапанаваў уявіць сітуацыю, калі грамадзяне заявілі б дзяржаве аб адмове выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі — напрыклад, плаціць падаткі ці служыць у войску. „Чаму тады ў дачыненні да нашых правоў дзяржава робіць такім чынам?” — сказаў прававы інспектар прафсаюза РЭП.
Паводле яго слоў, улада працягвае дыскрэдытаваць незалежныя прафсаюзы і яго актывістаў. „Нават у жаночы дзень 8 Сакавіка ўлада без усялякай сарамлівасці зняла з цягніка на мяжы намесніка старшыні прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк і маладзёжную актывістку Ганну Дусь. Гэтыя факты бесперапыннага націску на прафсаюз і яго членаў мы расцэньваем як грубае ўмяшанне ў дзейнасць асацыяцыі. Іншымі словамі, мы фіксуем парушэнне дзяржавай яшчэ аднаго права — права на свабоду асацыяцыі”, — лічыць Судаленка.
Крымінальная справа ў дачыненні да старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка была распачатая Камітэтам дзяржкантролю ў жніўні 2017 года. Яны абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Тэрмін расследавання неаднаразова працягваўся. Праваабаронцы лічаць пераслед Фядыніча і Комліка палітычным. БелаПАН