У розных гарадах працягваюць затрымліваць журналістаў



У розных гарадах Беларусі падчас Маршу вызвалення палітвязняў, які праходзіць 4 кастрычніка, працягваюць затрымліваць журналістаў.

Так, у Бабруйску (Магілёўская вобласць) затрыманыя чацвёра супрацоўнікаў СМІ, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Раней паведамлялася, што ў горадзе затрыманыя практычна ўсе ўдзельнікі Маршу вызвалення палітвязняў — згодна з папярэдняй ацэнкай, прыблізна 30 чалавек.

Таксама БАЖ паведамляе пра затрыманне ў Менску фатографа Дар`і Сапранецкай.

У Берасці на вуліцы Савецкай затрымалі галоўнага рэдактара гарадскога часопіса „Бинокль” Ксенію Пятровіч і пазаштатнага фотакарэспандэнта „Брестской газеты” Алега Палішчука.

Сілавікі (паводле папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі ГУБАЗіК) затрымалі ў Менску на праспекце Пераможцаў карэспандэнта Оnliner.by Аляксандра Уладыку.

Раней паведамлялася, што на Савецкай плошчы ў Гародні затрыманыя журналісты Вольга Камягіна і Кацярына Гардзеева, а таксама мясцовы блогер Андрэй Ірха.

У Гомелі затрыманая журналістка партала „Сильные Новости” Надзея Пужынская.

У Віцебску былі затрыманыя два супрацоўнікі БелаПАН — Таццяна Мацвеева і Сяргей Серабро. Іх адпусцілі пасля прафілактычнай гутаркі аб недапушчальнасці парушэння артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах).

Сёння ў Беларусі праходзіць Марш вызвалення палітвязняў. Гэта восьмы нядзельны марш прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванні і катаванні мірных дэманстрантаў.

belapan.by