У Румлёўскім парку ідзе бескантрольная высечка дрэў



Лёс помніка прыроды мясцовага значэння Румлёўскі парк, што ў Гародні, ізноў пад пагрозай?

Парк „Румлёва” – помнік садова-паркавага мастацтва, які бярэ свой пачатак яшчэ ў XVIII стагоддзі. У 1993 годзе парк атрымаў статус помніка прыроды. Тут сустракаюцца шматлікія віды жывёл і раслін, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Мясцовыя жыхары заўважаюць, што цягам некалькіх гадоў лесапарк наведвае цяжкая тэхніка з рабочымі, якія ажыццяўляюць нібыта „санітарнае прарэджванне” ці „санітарную высечку аварыйных дрэваў” . Сёлета, ужо ў студзені гэтым занятыя рабочыя, у якіх ёсць толькі адзін дакумент пра прыборку захламленасці, дзе дазваляецца спілоўваць граб, дуб, сасну, клён, асіну.

Тут няма рашэнняў адмысловай камісіі па высечцы дрэваў, а пазначана толькі неабходная кубатура драўніны. Гэта не падобна да прыборкі смецця. Больш падобна да лесараспрацоўкі ў ахоўнай зоне. Лёс дрэваў штогод, атрымоўваецца, залежыць не ад кантролю прыродаахоўных нарматываў, кантролю грамадства, эколагаў. Атрымліваецца, ён залежыць ад адукаванасці брыгадзіра работ і яго экалагічнай культуры.

Трывога за лёс Румлёўскага лесапарку, на думку некаторых прыродазнаўцаў, эколагаў цяпер вялікая, бо на тэрыторыі помніка прыроды мясцовага значэння парк „Румлёва” ідзе бескантрольная высечка дрэваў, сярод якіх дрэвы высокай якасці і гатункаў. І яшчэ, традыцыйна, калі вызначаецца спілоўванне дрэваў, то адмысловая камісія мусіць вызначыць канкрэтныя дрэвы, а рабочыя маркіруюць іх перад работамі. Такога ў парку няма! 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя