У Саборнай мячэці ў Менску адбылася міжканфесійная сустрэча
Міжканфесійная сустрэча, прысвечаная першаму ў гісторыі Міжнароднаму дню чалавечага братэрства, адбылася 4 лютага ў Саборнай мячэці ў Менску, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Нагодай для сустрэчы стаў дакумент „Аб чалавечым братэрстве дзеля міру ва ўсім свеце і добрасуседства”, які падпісалі ў 2019 годзе папа Францішак і вярхоўны імам аль-Азхара Ахмед эль-Таеб.
На сустрэчу ў Менску сабраліся прадстаўнікі трох абрагамічных рэлігій — хрысціянства, іўдаізму і ісламу. Каталіцкі касцёл на ёй прадстаўляў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Паводле слоў каталіцкага іерарха, апошнім часам назіраецца „актывізацыя міжрэлігійнага дыялогу на дабро чалавецтва і з мэтай вырашэння надзённых праблем”. У прыватнасці ён нагадаў пра сустрэчу папы Францішка і патрыярха Маскоўскага Кірыла ў 2016 годзе, якія „заклікалі да міру на Блізкім Усходзе, сумеснай барацьбы з міжнародным тэрарызмам”, а таксама „асудзілі парушэнне правоў хрысціянаў”.
Па выніках сустрэчы было вырашана правесці 13 сакавіка міжканфесійны моладзевы круглы стол „Адзіны погляд на сусвет і канструктыўнасць”.
Фота: catholic.by