У сакавіку Мінінфарм абмежаваў доступ да 11 інтэрнэт-рэсурсаў



У сакавіку Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 11 інтэрнэт-рэсурсаў, паведамляе сайт ведамства.

У адпаведнасці з паведамленнем Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абмежаваны доступ да „інфармацыйнага рэсурсу, размешчанага ў даменнай зоне .ru, які змяшчае паведамленні і матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў”.

Таксама на падставе пісьмовых апавяшчэнняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Магілёўскага аблвыканкама абмежаваны доступ да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў. Доступ да forexoptimum.by, freshforex.org і forex-minsk.net абмежаваны з-за „размяшчэння неналежнай рэкламы дзейнасці па ажыццяўленні аперацый з безпаставачнымі пазабіржавымі фінансавымі інструментамі”, да dengi-v-dolg-pod-procenty.ook.by і expresszaem.net — за размяшчэнне суб’ектамі гаспадарання, не ўключанымі ў рэестр мікрафінансавых арганізацый, неналежнай рэкламы аб выдзяленні мікрапазык неабмежаванаму колу асоб.

Доступ яшчэ да пяці інфармацыйных рэсурсаў у даменных зонах .top, .su і .by абмежаваны за размяшчэнне неналежнай рэкламы лекавых сродкаў.

belapan.by