У Салігорскім раёне ад удару токам загінуў рыбак



У Салігорскім раёне ад удару токам загінуў рыбак, паведаміла прэс-служба дзяржаўнага вытворчага аб’яднання электраэнергетыкі „Белэнерга”.

Трагедыя адбылася 6 кастрычніка непадалёк ад населенага пункта Старобін. Работнікі Слуцкіх электрасетак падчас абходу лініі 110 кВ пасля яе адключэння знайшлі абгарэлую вуду.

Як паведамілі відавочцы, нягледзячы на папераджальныя знакі, мужчына 1976 года нараджэння лавіў рыбу пад лініяй электраперадачы (ЛЭП) у 110 тыс. вольт і трапіў пад дзеянне высокага напружання. Пацярпелы быў дастаўлены ў цяжкім стане ў рэанімацыйнае аддзяленне Салігорскай гарадской бальніцы, дзе памёр ад атрыманых траўмаў.

„Белэнерга” ў чарговы раз заклікала аматараў рыбалкі, турыстаў і адпачывальнікаў выконваць правілы паводзін паблізу высакавольтных ліній электраперадачы. Ведамства таксама нагадвае, што ў ахоўных зонах ЛЭП з-за небяспекі паражэння электратокам рыбалка катэгарычна забаронена.

У апошні час рыбакі ўсё часцей выкарыстоўваюць вугляпластыкавыя тэлескапічныя вуды, якія з`яўляюцца добрымі праваднікамі электрычнага току. Прымяняць іх, знаходзячыся пад лініямі электраперадачы, смяротна небяспечна, нагадваюць спецыялісты.

Дотык правадоў або нават набліжэнне вуды да правадоў можа прывесці да сур`ёзных траўмаў — тэрмічных апёкаў, пашкоджанняў унутраных органаў. Як адзначае „Белэнерга”, выкарыстанне токаправодных вугляпластыкавых вуд (даўжынёй пяць-сем метраў), а таксама міжвольнае закідванне лёскі на правады ўсё часцей становяцца прычынай смяротных выпадкаў з рыбакамі.

belapan.by