У Салігорску судзяць былога дэсантніка, які прайшоў увесь горад з БЧБ-сцягам



Крымінальную справу Руслана Акосткі, былога дэсантніка, які 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам, пачаў 2 лютага разглядаць суд Салігорскага раёна.

Руслан Акостка быў затрыманы 15 лістапада, а назаўтра суд Салігорскага раёна пастанавіў пакараць яго за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак на волю Руслан так і не выйшаў, нагадвае „Вясна”.

У дачыненні да былога дэсантніка 30 лістапада распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадскі парадак, а таксама за нанясенне цялесных пашкоджанняў, якія не панеслі за сабой цяжкіх ускладненняў і шкоды здароўю. (арт 363 КК РБ). Да суда Акостка быў змешчаны пад варту. Утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА.

Пра Руслана праваабаронцам вядома, што ён з вёскі Заўшыцы Салігорскага раёна, працаваў да затрымання на «Беларуськаліі».

Справу разглядае суддзя Алеся Серадзенка.

2 лютага, недзе за паўгадзіну да пачатку працэсу, зала была цалкам запоўненая. Пусцілі чалавек 25 невядомых людзей. Некалькі дзесяткаў чалавек засталіся стаяць на вуліцы.

Мы будзем сачыць за працэсам.