У Салігорску затрыманы сустаршыня страйкама „Беларуськалія” Анатоль Бокун



Затрыманы сустаршыня страйкама „Беларуськалія” Анатоль Бокун.

Як паведамляе тэлеграм-канал страйкама ААТ „Беларуськалій”, сёння ў 7.30 у раёне крамы „Гурман” экіпаж ДАІ спыніў Анатоля Бокуна. Пасля чаго быў выкліканы нарад міліцыі для яго канваіравання ў РАУС.

Ніякіх пратаколаў пры затрыманні складзена не было. У дадзены момант Бокун знаходзіцца ў РАУС Салігорска.

Сустаршыня страйкама „Беларуськалія” ў верасні—кастрычніку адбыў у агульнай складанасці 40 сутак адміністрацыйнага арышту.

21 верасня Бокун быў пакараны па двух адміністрацыйных артыкулах — „за непадпарадкаванне міліцыі” падчас акцыі 21 верасня каля 4-га рудаўпраўлення ў падтрымку шахцёра Алега Кудзёлкі, а таксама „за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці 20 верасня”. Днём 16 кастрычніка Бокун павінен быў вызваліцца з ізалятара ва Уздзе пасля 25-сутачнага арышту, аднак яго паплечнікі, якія прыехалі сустракаць, даведаліся, што яго выпусцілі яшчэ ноччу, але на сувязь ён не выходзіў і быў дастаўлены ў Салігорскае РАУС. Увечары таго ж дня стала вядома, што Бокун атрымаў яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Анатоль Бокун працаваў механікам аддзялення згушчэння сільвінітавай абагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўлення. Адміністрацыя ААТ „Беларуськалій” звольніла яго „за парушэнне працоўнай дысцыпліны, таму што ён не хадзіў на працу без уважнай прычыны”. Звальненне Бокуна ў страйкаме расцанілі як рэпрэсіі.

belapan.by

Фота Valery Sharifulin / TASS / Scanpix / Leta