У сеціве з’явіўся сайт-копія TUT.by
У інтэрнэце з’явіўся сайт-копія TUT.by. Яго стваральнікі сцвярджаюць, што рэсурс ажывіла каманда заблакаванага партала, аднак каманда TUT.by заяўляе, што не мае ніякага дачынення да новага сайта.
«У інтэрнэце з’явіўся сайт, на якім публікуюцца матэрыялы, якія выходзяць у сацсетках TUT.by і ад імя партала. Яго аўтары сцвярджаюць, што яго ажывіла наша каманда. Але ў рэальнасці не маем да яго адносінаў. Мяркуем, што гэта робяць энтузіясты, якія вырашылі такім чынам падтрымаць партал, але TUT.by зараз працуе толькі ў сацсетках», – пракаментаваў агенцтву БелаПАН прадстаўнік TUT.by.
На дадзены момант на сайце-копіі размешчана каля дзясятка публікацый – гэта выбарачныя матэрыялы з сацсетак заблакаванага партала.
Неўзабаве пасля разгрому TUT.by з’явіліся чуткі пра тое, што ўлады рыхтуюць адкрыць рэсурс, які нібыта павінен замяніць самы папулярны беларускі партал. Як паведаміў 25 траўня журналіст і палітычны актывіст Ілля Дабратвор, яму прапаноўвалі працу на новым праўладным сайце, які нібыта павінен замяніць TUT.by.
3 чэрвеня Міністэрства ўнутраных спраў звярнулася ў суд Цэнтральнага раёна Менска з заявай, у якой просіць прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы, размешчаныя на партале TUT.by і ў яго акаўнтах у сацсетках. Пасяджэнне суда па разглядзе гэтай заявы запланавана на 24 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя