У сферы сярэдняй адукацыі плануюцца змены
Чыноўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь чарговы раз вырашылі правесці змены ў галіне сярэдняй адукацыі. Напрыклад, прапаноўваецца з 3 –га класа зрабіць платнымі групы падоўжанага дня, суботу – рабочай для старшакласнікаў, а таксама павялічыць максімальную нагрузку на вучня.
Дырэктар сярэдняй школы №1 Мікалай Жуковіч крытычна адносіцца да аплаты груп падоўжанага дня, бо не ўсім бацькам гэта будзе па кішэні, а таксама да павелічэння максімальнай нагрузкі. Калі для старшакласікаў – гэта толькі на карысць, то вучні сярэдніх класаў і зараз максімальна загружаны. А вось рабочы дзень у суботу дырэктар толькі вітае:
– Я думаю, што калі вучань будзе вучыцца ў суботу да абеда, то зменшыцца рызыка патрапіць у дарожна-транспартнае здарэнне, менш пакурыць і лішні раз не вып’е. На жаль, і такое бывае сярод школьнікаў. А так у школе ён будзе вучыцца, да абеда будзе заняты.
На думку бацькоў і вучняў, субота павінна застацца выходным днём – без школьны заняткаў:
– У суботу і нядзелю дзеці павінны адпачываць. З такой праграмай дзеці загружаныя з панядзелка да пятніцы.
– У суботу і так на розныя факультатывы ходзяць.
– Не, канешне. Вы што! І так загружаныя дні. Я і ўсе мае аднакласнікі супраць. Мы гэтую тэму з настаўнікамі ўжо абмяркоўвалі. Мы ледзь паспяваем рабіць усе ўрокі. Шмат задаюць.
– У нас па 8 урокаў ды факультатывы. А хацелася б яшчэ з бацькамі крыху пабыць.
Многія настаўнікі, з якімі мы пагутарылі, лічаць, што чыноўнікі ад адукацыі занадта часта праводзяць змены і рэформы ў сістэме сярэдняй адукацыі. Нават не чакаюць пры гэтым вынікаў ад папярэдніх новаўвядзенняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза
Фота site.infpol.ru