У Шчучынскім раёне ў ДТЗ пацярпелі сем чалавек



19 лістапада каля вёскі Ашмянцы Шчучынскага раёна адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Інфармацыя аб сур’ёзнай аварыі на дарозе Беліца-Жалудок-Ражанка паступіла каля 17 гадзін. Відавочца паведаміў, што пасля сутыкнення „Сеата” і „Ровера” патрабуецца дапамога ратавальнікаў у дэблакаванні.

Як распавёў галоўны лекар Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы Станіслаў Амбрушкевіч, усе пацярпелыя ў аварыі дастаўлены ў раённую бальніцу.

– Пяць чалавек шпіталізаваны, чацвёра з іх з рознымі траўмамі знаходзяцца ў аддзяленні рэанімацыі. Яшчэ адной пацярпелай у ДТЗ жанчыне дапамогу аказваюць у хірургічным аддзяленні. У рэанімацыю з пераломамі сцёгнаў дастаўлена 17-гадовая дзяўчына і 18-гадовы хлопец, у 22-гадовага мужчыны дыягнаставаны разрыў тонкай кішкі. Чацвёрты пацыент – 17-гадовы юнак – атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, – сказаў Станіслаў Амбрушкевіч.

Сёння пацярпелых у ДТЗ з рэанімацыі перавядуць у аддзяленні Гарадзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гародні.

Двум іншым удзельнікам ДТЗ дапамога была аказана на месцы, пасля чаго яны працягнуць лячэнне амбулаторна.

grodnonews.by

Фота МНС