У школах уводзяць факультатыў „Асновы сямейнага жыцця”
З новага навучальнага года вучні дзявятых, дзяcятых і адзінаццатых класаў будуць вывучаць «Асновы сямейнага жыцця». Пастанова міністэрства адукацыі апублікавана на афіцыйным прававым партале pravo.by.
«Адным з галоўных кампанентаў дзяржаўнай сямейнай палітыкі з’яўляецца ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў шляхам фарміравання ў грамадстве пазітыўнага вобразу сям’і, рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу сям’і і забеспячэнне сямейнага дабрабыту. „Моцная сям’я – моцная дзяржава” – адна з асноўных ідэй, кансалідуючых сучаснае беларускае грамадства», – сказана ў пастанове Міністэрства адукацыі ад 2 лістапада 2018 года, якая ўступае у сілу 22 студзеня 2019-га.
«Асновы сямейнага жыцця» – гэта факультатыў, які будзе праходзіць адзін раз на тыдзень. Праграма факультатыва дзеліцца на тры часткі – для дзявятага, дзясятага і адзінаццатага класа.
У першым раздзеле «Падрыхтоўка да шлюбу і сямейнага жыцця», прызначаным для 9-га класа, вучні будуць разглядаць гендэрныя адрозненні юнакоў і дзяўчат, асаблівасці дашлюбных адносін, фактары і матывы шлюбнага выбару, асабістыя якасці, неабходныя для сямейнага жыцця.
Вучні 10-х класаў будуць праходзіць раздзел «Сям’я як сацыяльны інстытут». У ім даецца характарыстыка асноўных функцый сям’і, раскрываюцца прававыя асновы шлюбна-сямейных адносін, асаблівасці ролевай структуры і дынамікі сям’і, культура сямейных зносін, гаспадарча-эканамічная сфера сямейнага жыцця, сямейны бюджэт і эстэтыка побыту, аналізуюцца прычыны і наступствы парушэння сямейных адносін.
Выпускнікі школ, гімназій і ліцэяў будуць вывучаць такія тэмы, як асаблівасці маладой сям’і, планаванне сям’і, ролю бацькі і маці ў выхаванні дзяцей, стылі сямейнага выхавання, сямейныя традыцыі і арганізацыя сямейнага вольнага часу, сацыяльная падтрымка сям’і.
Як сказана ў дакуменце, мэта факультатыва – спрыяць фарміраванню каштоўнасных адносін вучняў IX-XI класаў да інстытута шлюбу і сям’і.
У праграме «Асноў сямейнага жыцця» падрабязна прапісваюцца формы і метады працы са старшакласнікамі, а таксама прыкладаецца праграма.
Метады і формы работы, якія, на думку аўтараў праграмы, дазволяць максімальна далучыць вучняў у правядзенне факультатыўных заняткаў, – гэта відеэаурокі, урокі-праекты, урокі-экскурсіі, урокі-спаборніцтвы, урокі-дыялогі, актыўныя формы навучання – канферэнцыі, круглыя сталы, трэнінгі, аўкцыёны, дыскусіі, тэлеперадачы, вусныя часопісы, «клубы знаўцаў» і іншыя.
Таксама школьнікам будуць прапаноўвацца гутаркі, віктарыны, конкурсы вершаў, сачыненняў, эсэ, малюнкаў і плакатаў, інсцэніровак, мультымедыйных прэзентацый, канцэрты, выставы і фотагалерэі, флэшмобы, сустрэчы са шматдзетнымі маці, бацькамі, прэзентацыі творчых праектаў.
У праграме факультатыва «Асновы сямейнага жыцця» ёсць і такія тэмы, як псіхафізіалагічныя асаблівасці юнакоў і дзяўчат, рэпрадуктыўнае здароўе моладзі, любоў як найвышэйшае чалавечае пачуццё, як адрозніць каханне і закаханасць, дашлюбныя адносіны, выбар спадарожніка жыцця, сакрэты сямейнага шчасця, правы і абавязкі мужа і жонкі, шлюбны дагавор, шлюбная сумяшчальнасць, сямейны бюджэт, адаптацыя маладых мужа і жонкі да ўмоў сумеснага жыцця, ролю прабацькоў ў сямейным выхаванні і іншыя.
Фота snob.ru