У школах узмацнілі санітарны кантроль
З-за пандэміі каронавірусу беларускія школьнікі не выйшлі раней на вясновыя вакацыі, але ў сярэдніх установах адукацыі ўсё больш узмацняецца кантроль. Так класныя кіраўнікі павінны штодня звяраць прычыну адсутнасці дзяцей, асабліва тых, каго бацькі не пускаюць у школу з-за пагрозы каронавірусу.
Напачатку заняткаў тыя ж класныя кіраўнікі і школьныя медыкі павінны звярнуць увагу на стан вучняў, – кажа пінская настаўніца Таццяна Кубрак:
– Класныя кіраўнікі і медыкі ранкам уважліва глядзяць на дзяцей, і калі яны бачаць, што дзіця адчувае сябе не вельмі добра, яму прапануюць наведаць медычны кабінет. Медык звязваецца з бацькамі, і потым дзіця адпраўляюць на кансультацыю да педыятра. Наступным момант – гэта кантроль харчблокаў, посуд мыецца ў спецыяльных дэзінфікуючых сродках.
Па словах Таццяны Кубрак, перад наведваннем сталовай, настаўнікі павінны адсачыць, каб усе школьнікі добра вымылі рукі.
Беларускае Радыё Рацыя