У школе СПБ урачыста завяршыўся навучальны год
Непрызнаны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі з нагоды заканчэння навучальнага года зарганізаваў свята для самых маленькіх вучняў, якія наведваюць факультатывы польскай мовы ў школах Гародні і раёна.
Больш за сто дзяцей прынялі ўдзел у святочным канцэрце, атрымаўшы дыпломы і салодкія падарункі, перададзеныя прэзідэнтам польскага Беластока Тадэвушам Трускаляскім.
Як сцвярджае старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анжаліка Борыс, арганізацыя польскай меншасці надае вялікую ўвагу вывучэнню роднай мовы, якая карыстаецца ўсё большай папулярнасцю ў грамадстве:
– Саюз палякаў стараецца дапамагаць усім, хто вывучае польскую мову. 13 тысяч дзяцей і моладзі вывучае польскую мову на тэрыторыі Беларусі. Калі браць польскія школы ў Гародні і Ваўкавыску, то там навучаецца 740 дзяцей, канешне большы працэнт навучаецца ў школах выходнага дня і ў факультатыўных формах.
Апошнім часам вывучэнне польскай мовы на факультатывах у сярэднеадукацыйных школах Беларусі істотна скарачаецца галоўным чынам па ініцыятыве ўладаў. Факультатыўныя заняткі адбываюцца адзін раз на тыдзень, а прыхільнае стаўленне да вывучэння польскай мовы з боку адміністрацыі навучальнай установы выклікае зацікаўленасць супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня