У шматдзетнай сям’і з Дзярэчына хочуць забраць дзяцей



Вычарпаўшы ўсе свае мажлівасці і не знайшоўшы справядлівасці ў кабінетах зэльвенскіх вертыкальшчыкаў, шматдзетная сям’я Косцікавых (муж, жонка і чацвёра дзяцей) з Дзярэчына вырашыла звярнуцца па дапамогу ў Слонімскі грамадскі цэнтр.

Для пражывання ў вёсцы ім улада выдаткавала старую хату са згарэлым хлявом. Хаця ў Дзярэчыне ёсць шмат іншых пустых памяшканняў для пражывання і ў лепшым стане. Сям’я пачала абжывацца і ў гэтай развалюсе. Старэйшыя Косцікавыя пакрыху змаглі зрабіць так, што ў кожнага дзіцяці з’явіўся свой пакой, а ў ім – паставілі ложкі, шафы, сталы.

Усе ведаюць, што некалі ў Косцікавых былі праблемы з ужываннем спіртных напіткаў, але гэта было ў мінулым. Цяпер сям’я поўнасцю адмовілася ад спірнога. Гаспадар з раніцы да вечара працуе, а маці гадуе дзяцей. Пра сям’ю Косцікавых нават пісала “Газета Слонімская”, а падчас апытання сярод вяскоўцаў людзі сказалі, што Косцікавы даўно не п’юць і стараюцца ўсё рабіць для сваіх дзяцей. Але мясцовыя зэльвенскія вертыкальшчыкі, як паведаміў кіраўнік Слонімскага грамадскага цэнтра Віктар Марчык, да якога па дапамогу звярнуліся Косцікавы, па незразумелых прычынах хочуць забраць дзяцей у бацькоў. “Мясцовыя чыноўнікі замест таго, каб дапамагчы сям’і, прыходзяць да іх у пяць гадзін раніцы, палохаюць дзяцей, маральна ціснуць на іх, пагражаюць ім. Сям’я Косцікавых напісала заяву ў мясцовую пракуратуру, але гэта заява станоўчых вынікаў не дала. Таму мы таксама звяртаемся да ўсіх праваабарончых структур нашай краіны, СМІ, прафсаюзаў, каб яны дапамаглі сям’і Косцікавых пазбавіцца ад ціску зэльвенскіх вертыкальшчыкаў і пакінулі сям’ю ў спакоі. А таксама просім матэрыяльнай дапамогі для сям’і. Вось тэлефон Алены Косцікавай: +37525 5160892”, – сказаў Беларускаму Радыё Рацыя каардынатар Слонімскага грамадскага цэнтра Віктар Марчык.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота gs.by