У Шуміліне міліцыянер застрэліў сабаку



У Шуміліне ўчастковы інспектар міліцыі застрэліў з табельнай зброі сабаку, які ўяўляў пагрозу для людзей.

Як паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама, 17 жніўня каля 9 гадзін у праваахоўныя органы звярнуўся мясцовы жыхар, які расказаў, што не можа выйсці з уласнага дома, бо на яго накідваўся агрэсіўны бадзяжны сабака.

На месца здарэння прыбыў участковы міліцыянер Шумілінскага РАУС. Жывёла, якая знаходзілася каля дома, паводзіла сябе агрэсіўна, мела намер укусіць. Пасля неаднаразовых беспаспяховых спробаў адагнаць сабаку, міліцыянер, дзейнічаючы ў адпаведнасці з арт. 29 закона аб органах унутраных спраў, прымяніў „табельную зброю для абясшкоджвання жывёлы, якая непасрэдна пагражала жыццю і здароўю грамадзян”.

Агрэсіўны бадзяжны сабака быў абясшкоджаны. Па факце здарэння праводзіцца праверка.

belapan.com