У Швейцарыі будуць судзіць Юрыя Гараўскага
У Швейцарыі ў верасні пачнуць судзіць былога спецназаўца, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.
Суд над экс-байцом беларускага САХР Юрыем Гараўскім, які ў 2019 годзе публічна заявіў пра сваю датычнасць да выкрадання апазіцыйных палітыкаў, пачнецца ў наступным месяцы.
Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швейцарыі. Гараўскага будуць судзіць у рамках сусветнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей. Згодна са швейцарскім заканадаўствам за гэта яму можа пагражаць ад 1 да 20 гадоў пазбаўлення свабоды. Сам Юрый разлічвае на ўмоўны тэрмін.
Нагадаем, у 2019 годзе Юры звязаўся з Deutsche Welle і заявіў, што датычны да знікнення палітычных апанентаў Лукашэнкі. Па сцвярджэннях Гараўскага, 7 траўня 1999 года ён уваходзіў у склад групы, якая, па загаду заснавальніка САХРу падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі, выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасня 1999-га — былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.