У Сібіры адкрыюць беларускае этна-кафэ



Актывісты Моладзевага клуба «Крывічы» у Іркуцку вырашылі адкрыць этна-кафэ традыцыйнай беларускай народнай кухні „Беларуская Глеба”. Цяпер беларусы Сібіры актыўна шукаюць кухараў з Беларусі.

Заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, член моладзевага клуба «Крывічы» Алег Рудакоў расказаў, што ў кавярні будуць прадстаўлены толькі беларускія нацыянальныя стравы: дранікі без мукі, бабка, зразы, пражанка, гарачае і многае іншае, піша «Новы час».

Паводле яго слоў, беларусы доўга марылі пра беларускае кафэ або рэстаран ў Іркуцку. Нарэшце з’явілася памяшканне ў цэнтры горада, ужо вядуцца рамонтныя работы.

Амаль увесь актыў клуба «Крывічы» працуе над беларускім зместам кафэ. Шыюцца беларускія касцюмы для афіцыянтаў і барменаў, збіраюцца старадаўнія экспанаты беларускага побыту. У кафэ фонам будзе гучаць толькі беларуская музыка ўсіх жанраў: народная, папулярная, этна-рок, этна-фолк і гэтак далей.