У Сірыі загінулі расейскі генерал і два палкоўнікі
У Сірыі загінуў расейскі генерал Валерый Асапаў. Пра гэта радыёстанцыі „Говорит Москва” паведаміла крыніца ў штабе 5-й арміі.
Генерал-лейтэнант Асапаў не выходзіў на сувязь з 23 верасня, крыніца штаба паведаміла, што генерал і два палкоўнікі загінулі „пад мінамётным агнём па дакладнай наводцы”. Снарад нібыта трапіў у камандавы пункт. Суразмоўца радыёстанцыі адзначыў, што гутарка можа ісці пра здрадніцтва.
У міністэрстве абароны Расеі інфармацыю пра гібель Асапава не каментуюць.
Прозвішча гэтага генерала ўжо фігуравала раней, толькі ў звязку з ваеннымі дзеяннямі Расеі ў Данбасе. Так, у сакавіку 2016 года ў Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Ўкраіны заявілі, што баевікамі „армейскага корпусу ДНР” кіруе кадравы афіцэр расейскай арміі генерал-маёр Валерый Асапаў. Паводле ўкраінскай выведкі генерал знаходзіўся ва Ўкраіне пад прозвішчам Прымакоў.
Паводле даных Reuters на пачатак жніўня, толькі ў 2017 годзе ў Сірыі загінула як мінімум 40 расейцаў. Выданне „Коммерсантъ” напісала, што ў Сірыі загінула 37 расейскіх вайскоўцаў.
Увечары, 24 верасня, Міністэрства абароны Расеі афіцыйна пацвердзіла гібель свайго генерала. Ведамства заявіла, што высокапастаўлены вайсковец загінуў „у час аперацыі па вызваленні сірыйскага гораду Дэйр-эз-зор – смяротна паранены ад разрыву міны”. Паводле Міністэрства Асапаў стаў ахвярай абстрэлу баевікоў тэрарыстычнай групоўкі „Ісламская дзяржава”.
Беларускае Радыё Рацыя