У Сірыі загінулі яшчэ двое расейскіх вайскоўцаў
У Сірыі за апошнія дні загінулі яшчэ як мінімум двое расейцаў, якія ваявалі на баку ўрадавых войскаў. Пра гэта паведамляе ў Facebook расейская група незалежных расследавальнікаў Conflict Intelligence Team (CIT).
Пра гібель нараджэнца Яраслаўскай вобласці Юрыя Хабарава паведаміў яго знаёмы „ВКонтакте” 25 верасня.
„Мяркуючы па фатаздымках у профілях Хабарава ў сацыяльных сетках, ён раней браў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Знаходзіўся ён у Сірыі як кантрактнік расейскай арміі ці як наёмнік – на даны момант невядома. Аднак варта адзначыць, што ветэраны баявых дзеянняў на ўсходзе Ўкраіны неаднаразова сустракаліся нам у шэрагах прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнер”, – сказана ў публікацыі.
Акрамя таго, загінуў супрацоўнік МУС Чачні Магамед Тэрбулатаў. Яго цела прывезлі на радзіму 24 верасня. У Сірыю ён выправіўся ў складзе чачэнскай ваеннай паліцыі, высветлілі ў CIT.
Беларускае Радыё Рацыя