У Сірыі збіты расейскі самалёт з вайскоўцамі



Позна ўвечары 17 верасня пры вяртанні на расейскую авіябазу Хмеймім у Сірыі, што за 35 кіламетраў ад берага над Міжземным моры, знікла сувязь з расейскім самалётам Iл-20. На яго борце было 14 вайскоўцаў. Пра гэта са спасылкай на міністэрства абароны РФ паведаміў тэлеканал „Звезда”.

У расейскім ведамстве адзначылі, што адзнака самалёта на радарах знікла адначасна з атакай чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 на аб’екты ў сірыйскай правінцыі Латакія.

Паводле даных мінабароны РФ, у той жа час быў зафіксаваны пуск ракет з французскага фрэгата Auvergne, які знаходзіўся ў тым раёне.

Іл-20 прадназначаны для радыёэлектроннай выведкі і радыёэлектроннай барацьбы. Экіпаж – 13 чалавек. Вытворчасць гэтых самалётаў спынена ў 1976 годзе.

CNN паведамляе, што расейскі самалёт Іл-20 быў выпадкова збіты сірыйскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны. Сірыйскія зенітныя ўстаноўкі спрабавалі збіць ізрайльскія самалёты, якія ўдзельнічалі ў налёце на аб’екты ў правінцыі Латакія.

Прадстаўнік Пентагона паведаміў CNN, што Іл-20 быў збіты супрацьпаветранай сістэмай, якую Масква прадала Дамаску некалькі гадоў таму.

Беларускае Радыё Рацыя