У СК пракаментавалі смерць Вітольда Ашурка
У Следчым камітэце Беларусі пракаментавалі смерць палітвязня 50-гадовага Вітольда Ашурка ў турэмнай калоніі № 17 у Шклове. Сцвярджаецца, што 21 траўня дзяжурны кантралёр знайшоў Ашурка „ў несвядомым стане”, былі выкліканы медыкі і хуткая. „Нягледзячы на праведзеныя медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося”, — паведамляе СК.
На месцы працавала следча-аператыўная група, эксперты. Ад сваякоў палітвязня, якім выдалі цела для пахавання, было вядома пра перавязаную галаву. Цяпер жа СК апублікаваў відэа, знятае нібыта ў апошнія хвіліны жыцця Вітольда Ашурка. На ім зняволены — адзін у камеры на пяць чалавек. Ён апрануты ў робу з надпісам „ШИЗО”, што расшыфроўваецца як „штрафны ізалятар”.
Якасць відэа такая, што складана зразумець, ці сапраўды гэта Ашурак. Ён двойчы падае: першы раз разбівае галаву. Яму аказваюць дапамогу і, верагодна, ізноў пакідаюць аднаго ў камеры. Пасля ён падае яшчэ раз. Па версіі СК, „скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі”.
„Прыкмет крымінальнага характару смерці асуджанага не выяўлена”, — працягвае СК. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці „праводзіцца комплексная судовая медыцынская экспертыза”.
Па звестках СК, палітвязень 12 разоў за месяц парушыў правілы калоніі. За гэта ён быў змешчаны „ў памяшканне камернага тыпу”.
Беларускае Радыё Рацыя