У СК сваякам пацвердзілі выезд следчага ў калонію па факце смерці Вітольда Ашурка



Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці пацвердзілі, што па факце смерці ў папраўчай калоніі Вітольда Ашурка туды выязджаў следчы, расказаў БелаПАН брат нябожчыка Андрэй Ашурак.

„Мы сёння датэлефанаваліся ў СК, дзяжурны пацвердзіў, што следчы па гэтым факце выязджаў у шклоўскую калонію № 17, дзе брат адбываў пакаранне”, — растлумачыў сваяк.

Паводле яго слоў, іншых падрабязнасцяў пакуль няма, бо дзяжурны іх не ведае, а тэлефоны следчых па справе не адказваюць. Відаць, гэта звязана з выхаднымі днямі. Дата пахавання пакуль не прызначаная.

50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове. Пра яго смерць сваякам паведамілі ўвечары 21 траўня.

„Мне патэлефанавалі на хатні тэлефон і паведамілі, што сёння мой муж Вітольд Ашурак памёр”, — паведаміла напярэдадні БелаПАН жонка палітвязня Вольга Ашурак. Паводле яе слоў, папярэдняя прычына смерці — спыненне сэрца, ідзе праверка.

Родныя і сябры Ашурка не атрымлівалі ад яго лістоў з канца красавіка.

belapan.by