У Скандынавіі выявілі перавышэнне канцэнтрацыі радыеактыўных ізатопаў у паветры



Станцыі сачэння за радыяцыйным становішчам на поўначы Еўропы выявілі перавышэнне канцэнтрацыі радыеактыўных ізатопаў у паветры.

Ёд-131 быў знойдзены ў пачатку чэрвеня ў Нарвегіі, а цэзій-134, цэзій-137, кобальт-60 і рутэній-103 – у Швецыі і Фінляндыі, паведамляе GreenPeace Russia са спасылкай на нацыянальныя ведамствы гэтых краін.

У Швецыі радыёнукліды выяўляліся па дадзеных на 22-23 чэрвеня, паведаміў выканаўчы сакратар Арганізацыі па дамове аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зэрбо. Паводле яго слоў, канцэнтрацыя ізатопаў вышэй звычайнага ўзроўню, але не ўяўляе пагрозы для здароўя.

Нацыянальны інстытут здароўя і навакольнага асяроддзя Нідэрландаў прааналізаваў наяўныя дадзеныя і прыйшоў да высновы, што крыніцай радыеактыўнага воблака з’яўляюцца заходнія рэгіёны Расеі. Тую ж ацэнку пацвярджае і Зэрбо. У першую чаргу пад падазрэнне трапляе Кольская АЭС (з чатырма састарэлымі рэактарамі ВВЭР-440), а таксама базы атамных ледаколаў і атамных падводных лодак Паўночнага флота, размешчаныя на ўзбярэжжы Баранцава мора, піша GreenPeace. Расея на афіцыйным узроўні кажа, што нічога падобнага не здаралася.

Беларускае Радыё Рацыя