У Слоніме аб’яўлены конкурс на эскіз праекта помніка Льву Сапегу



Слонімскі райвыканкам аб’явіў конкурс эскізных праектаў помніка былому старосту Слоніма, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (1557-1633). Помнік плануецца паставіць напачатку верасня 2019 года падчас рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьменства.

Помнік Льву Сапегу ў Слоніме плануюць паставіць ужо шмат гадоў, але ён так і не з’явілася. Спачатку помнік Льву Сапегу абяцаў зрабіць народны мастак Беларусі Іван Міско, які родам са Слонімшчыны, але мастак і райвыканкам за шмат гадоў так і не дамовіліся ажыццявіць добрую справу. Тым больш, што Іван Міско – ганаровы грамадзянін Слоніма, мог бы і пакінуць пасля сябе нешта роднаму гораду, але ён падарункаў сваёй маленькай радзіме дарыць не пажадаў. Іван Міско ужо зрабіў эскіз будучага помніка, яго планавалі ўстанавіць у цэнтры Слоніма на Першамайскай вуліцы ў скверыку, але да канкрэтнай справы рукі так і не дайшлі.

Цяпер Слонімскі райвыканкам па-сур’ёзнаму аб’явіў конкурс эскізных праектаў помніка Льву Сапегу і ёсць надзея, што ён усё ж з’явіцца ў Слоніме ў наступным годзе. Вырашана, што помнік Льву Сапегу паставяць не ў цэнтры Слоніма, а ў парку горада над Шчарай.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім