У Слоніме больш за 40 чалавек былі эвакуяваныя падчас пажару



У Слоніме больш за 40 чалавек былі эвакуяваныя падчас пажару ў шматкватэрным жылым доме па вуліцы 1-й Сямігодкі.

Паводле інфармацыі прэс-службы Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС, паведамленне пра ўзгаранне ў двухпакаёвай кватэры на першым паверсе чатырохпавярховага дома паступіла ў экстранныя службы ў 19.50.

Супрацоўнікі МНС выратавалі з кватэры яе гаспадара, пенсіянера 1943 года нараджэння. Мужчына шпіталяваны з апёкам спіны, плячэй і кісцяў рук (25% цела) і атручваннем прадуктамі гарэння.

З іншых паверхаў дома быў эвакуяваны 41 чалавек, у тым ліку 8 дзяцей.

Агнём знішчаная маёмасць у кватэры, закураныя сцены і столь. Як мяркуецца, прычына пажару — неасцярожнасць пры курэнні.

belapan.by