У Слоніме дзве дзяржаўныя мовы – руская і ангельская
Жыхар Слоніма Іван Шэга звярнуўся да старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага з лістом.
У лісце слонімец напісаў: “Звярнуцца да Вас з гэтым лістом мяне прымусіла тая акалічнасць, што я, як грамадскі актывіст, з мэтай атрымання пэўных даведак наведваю афіцыны сайт Слонімскага райвыканкама. Пры гэтым адміністратары сайта мне прапануюць інфармацыю на дзвюх мовах на выбар: расейскай і, чамусці, ангельскай. Як быццам у нас тут жывуць выключна расейцы і брытанцы, ці сайт створаны выключна для іншаземцаў. На сваёй роднай беларускай мове азнаёміцца з матэрыяламі, змешчанымі на сайце, я не магу, бо іх проста няма. Як вядома, ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская. Прычым тытульнай нацыяй якраз з’яўляецца беларуская, таму беларуская мова, на мой погляд, з’яўляецца абавязковай для дзяржаўных устаноў. Немагчымасць атрымаць патрэбную інфармацыю на роднай беларускай мове на афіцыйным сайце – гэта наўпрост дыскрымінацыя беларускамоўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з гэтага, я звяртаюся да Вас з прапановай выправіць сітуацыю і прымусіць адміністратараў сайта зрабіць беларускамоўны варыянт усіх матэрыялаў на афіцыйным сайце Слонімскавга райвыканкама. Маю надзею, што Вы ў гэтым мяне падтрымаеце”.
Пакуль адказу ад старшыні Слонімскага райвыканкама Іван Шэга не атрымаў.
Вольга Рагозік, Беларуская Радыё Рацыя, Слонім