У Слоніме хочуць прадаць будынак аўстэрыі Агінскага



Будынак былой аўстэрыі Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме хочуць прадаць. Аўкцыён адбудзецца 25 жніўня. Кошт былой аўстэрыі 1.153.649,35 рублёў.

Аўстэрыя была пабудавана з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзя, верагодна, архітэктарам Я.Боем, які праектаваў пры палацы Міхала Казіміра Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Аўстэрыя з’яўлялася заезным домам пры палацы. Яна знаходзілася за палацам на яго падоўжанай восі.

Першапачаткова будынак быў двухпавярховы, а трэці паверх дабудавалі ў ХХ стагоддзі.

Аўстэрыя – гэта адзіная ўцалелая пабудова аднаго з цікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. Яна дае ўяўленне пра агульны характар яго барочнай архітэктуры.

Дарэчы, летась у Слоніме была прададзена сінагога 1642 года. А сёлета на аўкцыён выстаўлены былыя стайня Пуслоўскага ў мікрараёне Альбярцін і аўстэрыя гетмана Агінскага.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара