У Слоніме назіральнікі змагаюцца з фальсіфікацыяй на выбарах
Найбольш фальсіфікуюць выбары ў Слоніме ў СШ № 3, дзе знаходзіцца Новы выбарчы ўчастак для галасавання № 9.
6 жніўня ў першай палове дня на гэтым выбарчым участку старшыня камісіі Ірына Клябанава (дырэктар гэтай школы) выставіла за дзверы незалежнага акрэдытаванага назіральніка Уладзіміра Бруцкага. Назіраць за галасаваннем ён быў вымушаны на вуліцы праз шкло ўваходных дзвярэй. Але і такое назіранне не спадабалася старшыні камісіі Клябанавай.
І яна, пагражаючы выклікаць міліцыянера, запатрабавала, каб назіральнік выйшаў за межы школьнай тэрыторыі. Бо ён, маўляў, не мае права знаходзіцца на школьнай тэрыторыі. Назіральніку прыйшлося пакінуць школьную тэрыторыю і назіраць здалёк.
У другой палове дня за выбарамі ў гэтай школе назіраў іншы незалежны назіральнік Віталь Яшану. Яго таксама не ўпусцілі ў школу на выбарчы ўчастак. І яму прыйшлося назіраць з вуліцы. Каб разабрацца ў гэтай сітуацыі, Новы выбарчы ўчастак наведаў журналіст “Газеты Слонімскай” і пачаў з вуліцы рабіць відэазапіс і інтэрв’ю з назіральнікамі. Старшыня камісіі Клябанава ўбачыла гэта і выскачыла на вуліцу з крыкам, што нельга гэтага рабіць. Яна пачала патрабаваць, каб журналіст выдаліў відэа. Але журналіст не пагадзіўся і пакінуў тэрыторыю школы…
Дарэчы, на гэтым выбарчым участку ідзе масавы ўкід бюлетэняў. Напрыклад, 5 жніўня, назіральнікі налічылі, што прыйшлі датэрмінова галасаваць 41 чалавек. А ў пратаколе, які вывесіла ўсё тая ж Клябанава было ўказана, што прагаласавалі аж 103 чалавекі. 6 жніўня назіральнікі налічылі датэрміновых выбаршчыкаў 68, а камісія напісала аж 114 чалавек, якія датэрмінова прагаласавалі. Фальсіфікацыі на Новым выбарчым участку працягваюцца.
Беларускае Радыё Рацыя