У Слоніме прайшоў ператрус у маёра запасу Міхася Варанца



У 7.20 раніцы 20 траўня ў кватэру воіна-афганца, маёра запасу, Міхася Варанца ў Слоніме прыйшлі з вобшукам работнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Вобшук цягнуўся прыкладна тры гадзіны, паведамляе „Газета Слонімская”.

— Не ведаю, што яны шукалі, але забралі з хаты мой нотбук, Міхасёў тэлефон, сістэмны блок камп’ютара, флэшкі. Міхася павезлі з сабой на допыт. Калі Міхась запытаў, ці браць з сабой зубную пасту і шчотку, то сказалі, што не трэба, — расказала пра ранішні візіт жонка Міхася Ірына.

Па вяртанні з допыту Варанец патлумачыў, што гэты візіт да яго і вынятка тэхнікі звязаны з асобай Мікалая Аўтуховіча і справай пра тэрарызм, якую вядзе КДБ. — Пасля ператрусу мяне завезлі на допыт у райаддзел КДБ на Камсамольскую вуліцу ў Слоніме. У кабінеце знаходзіліся двое супрацоўнікаў з абласнога ўпраўлення КДБ. Пыталіся, ці знаёмы я асабіста з Мікалаем Аўтуховічам, ці знаёмы яшчэ з трыма асобамі, якіх я не ведаю. Нагадалі пра ліст, які я пісаў у СІЗА КДБ у падтрымку Аўтуховіча, пра артыкул на сайце “ГС”, дзе я згадваў пра Аўтуховіча як воіна-афганца і віншаваў яго з днём нараджэння. Успомнілі нават леташні допіс у Фэйсбуку, у якім Аўтуховіч пытаўся, дзе я канкрэтна служыў у Афганістане. У выніку склалі пратакол, што я дапытаны як сведка ў справе пра тэрарызм. Доўжыўся допыт недзе каля гадзіны, ці крыху больш, — распавёў карэспандэнту “ГС” Міхась Варанец.

Што да забранай у Варанцоў тэхнікі, то ў КДБ паабяцалі яе доўга не трымаць.

Фота: ГС