У Слоніме прэзентавалі кнігу пра дэмакратычны рух



На офісе Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл адбылася прэзентацыя кнігі мясцовага грамадска-палітычнага дзеяча Івана Бедкі «Дэмакратычны рух на Слонімшчыне: 1989-2019гг», якая нядаўна пабачыла свет у Менску.

Прэзентацыю распачаў аўтар кнігі Іван Бедка. Пасля пачалося «гарачае» абмеркаванне выдання. У абмеркаванні прынялі ўдзел Міхась Варанец, Віталь Яшану, Алесь Масюк, Міхаіл Караткевіч, Уладзімір Караткоў. Міхась Варанец шчыра падзякаваў Івана Бедку за выданне, адзначыўшы, што «гэта першае выданне пра нашу дзейнасць у Слоніме. «За тое, што ўдалося аўтару на працягу 30 гадоў занатаваць для гісторыі, мы ўсе павінны шчыра падзякаваць яму за працу і працягваць надалей тое, што ён зрабіў», – сказаў Міхась Варанец.

Віталь Яшану, адзначыў, што ў храналогіі мала сказана пра дзейнасць Свабоднага прафсаюза на Слонімшчыне. «Таму я прапаную, наступнае выданне пра дэмакратычны рух на Слонімшчыне напісаць усім разам і выдаць асобнаю кніжкай. І ў новай кнізе ўказаць усе прозвішчы тых, хто за 30 гадоў нас арыштоўваў, штрафаваў, фальсіфікаваў выбары і г.д. А за гэту кнігу, над якою працаваў Іван Бедка, мы ўсе вельмі ўдзячны», – сказаў Віталь Яшану.

Міхаіл Караткевіч і Уладзімір Караткоў адзначылі, што падобнага выдання не мае ні адзін райцэнтр Беларусі і абласныя гарады. Іван Бедка ўпершыню дакументальна занатаваў нашы справы дзеля дэмакратыя, справядлівасці і супраць дыктатуры…

Падчас прэзентацыі Іван Бедка пакінуў на выданні свае аўтографы і падзякаваў усім за выступленні і прапановы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара