У Слоніме абмеркавалі сучасны стан беларускай медыцыны (абноўлена)



Медыцына ў Беларусі становіцца пераважна платнай. У Слоніме адбыліся грамадскія слуханні з цыклу, прысвечанага рэформам у сферы медыцыны. Мерапрыемства ініцыяванае кампаніяй “Народны рэферэндум”.

“Прафесійная і даступная медыцына, адукацыя – гэта элементарнае права на годнае цяперашняе і будучае для нас і (галоўнае!) для нашых дзяцей! Дзяржава не мае права рабіць бізнес на нашым здароўі і абмяжоўваць нашы магчымасці», – лічаць ініцыятары “Народнага рэферэндуму”.

Удзел у слонімскіх слуханнях узялі лідары “Народнага рэферэндуму”, эксперты, практыкуючыя лекары ды іх пацыенты, паведамляе прэс-служба Руху «За свабоду».

Мясцовы актывіст і лекар Іван Шэга адзначае, што ва ўлады няма палітычнай волі рабіць рэформы ў гэтай сферы як на лакальным, так і нацыянальным узроўнях, аднак агучванне праблемы так ці іначай прымушае ўлады варушыцца.

Удзельнікі слуханняў шмат казалі аб тых праблемах, з якімі яны сутыкаліся ў сваім жыцці, калі патрабавалі медычнай дапамогі – расказвае лекар:

Прагучала шмат не вельмі прыемных рэчаў на адрас нашай сістэмы аховы здароўя. Перш за ўсё гэта тычылася скарумпаванасці медыцыны, пачынаючы ад абласнога ўзроўню і вышэй. Практычна бясплатная медыцына цяпер адстутнічае. У прынцыпе людзі кажуць, што і гатовыя плаціць, але нейкім чынам, каб гэта было цывілізавана зроблена. Я заўважыў, што ўжо людзі падрыхтаваныя да таго, каб уводзіць абавязковае страхаванне. Усе разумеюць, што час бясплатнай медыцыны прыходзіць да завяршэння.

Іван Шэга кажа, што слуханні – гэта пэўная форма мягкага ціску на ўлады, паколькі ідзе агучванне праблемы ў СМІ, плануецца арганізацыя збору подпісаў, і гэта прымушае ўлады нешта рабіць. У кожным рэгіёне ёсць свае праблемы: недахоп медычных кадраў, адстунасць амбулаторыі і гэтык далей, і гэтыя праблемы павінны акумулявацца і збірацца. Таксама лекар лічыць, што вырашэнне праблемаў у сферы медыцыны і рэфармаванне яе, не павінны зыходзіць толькі «зверху», каб не было супярэчнасцяў інтарэсаў. Неабходна знаходзіць кампраміс паміж чаканнямі і жаданнямі ўладных структураў, Міністэрства аховы здароўя і пацыентаў.

Падобныя слуханні таксама адбудуцца ў Берасці і Менску. Пасля правядзення вераснёўскіх грамадскіх слуханняў будуць складзеныя прапановы па рэформе ў сферы аховы здароўя, якія ініцыятары “Народнага рэферэндуму” накіруюць у профільнае міністэрства.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Слоніме ў памяшканні недзяржаўнай інфармацыйна-кансультатыўнай установы “Шэгамедкансульт”, якой кіруе доктар Іван Шэга, адбылася сустрэча сяброў суполак мясцовых дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый. На гэтаю сустрэчы прыехалі таксама грамадскія актывісты з Гародні, Менска, Дзятлава, Ліды. Падчас сустрэчы ішла гутарка пра сучасны стан медыцыны ў Беларусі, пра тое, як зрабіць яе якаснай і даступнай для нашага насельніцтва.

Сустрэчу адкрыў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які рапавёў пра мэты сустрэчы ў Слоніме. А намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец сказаў, што ў верасні ініцыятыва “Народны рэферэндум” арганізуе другі цыкл слуханняў паводле пытанняў, якія ўваходзяць у яго парадак дня. Першыя з іх, прысвечаныя праблемам медыцыны, прайшлі ў Бабруйску, а другія – 15 верасня – у Слоніме.

Слонімскі доктар Іван Шэга расказаў пра тыя праблемы, якія сёння існуюць у медыцыне. Найперш ён адзначыў, што сёння адсутнічае ў Беларусі кантроль грамадства за станам медыцыны, за тымі сродкамі, якія выдаткоўваюцца на медыцыну, за сродкамі платнай медыцыны і г.д. Выступоўцы з Дзятлава казалі пра тое, што ў раённых бальніцах Гарадзенскай вобласці не хапае прыбіральшчыц, медыцынскіх сясцёр, санітарак. З канкрэтнымі прыкладамі, звязанымі з дрэнным медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва, вялі гутарку простыя слонімцы, якія пажадалі прысутнічаць на сустрэчы.

У час мерапрыемства яго ўдзельнікі паставілі подпісы за “Народны рэферэндум”.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара