У Слоніме развіталіся з доктарам і грамадскім дзеячам Іванам Шэгам (абноўлена)
У Слоніме развіталіся з вядомым доктарам і грамадскім дзеячам і лідарам грамадзянскай супольнасці Слонімшчыны Іванам Шэгам.
На развітанне з вядомым актывістам прыехалі прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый з Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны, Менску, сябры, паплечнікі, суседзі. Шмат добрых слоў прагучала ў ягоную памяць з вуснаў Рыгора Кастусёва, Аляксандра Мілінкевіча, Уладзіміра Някляева.
Словы спачування блізкім і родным выказвалі сябры, суседзі і калегі па медыцынскай практыцы і паплечнікі па грамадскім жыцці. “Гэта быў доктар ад Бога, умеў лячыць і словам, і сваім прафесіяналізмам. Да яго ішлі і ішлі”, – узгадвае старшыня Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
– Калі ён гаварыў – яго ўсе чулі. Паважалі нават тыя, хто не згаджаліся з ім. Гэты чалавек быў выдатным грамадскім лідарам, таму што вельмі любіў Беларусь. Лічыў, калі любіш, то трэба яшчэ нешта рабіць. І многа рабіў для таго, каб такіх людзей, якія бачаць Беларусь іншай, Беларусь добрай, справядлівай, беларускай, было больш. Ён вельмі многа зрабіў. Сваім прыкладам, сваёй пазіцыяй. Часта кажуць, што незаменных людзей няма. Не праўда. Гэта быў такі чалавек, якога ўжо не будзе. Светлая памяць.
Іван Шэга пахаваны на Чапялёўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сцягам.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя