У Слоніме рэалізавалі праект “Вялікія справы пачынаюцца з малых”



З траўня мінулага года па студзень 2019 года ў Слоніме грамадскія актывісты рэалізоўвалі праект “Вялікія справы пачынаюцца з малых”, мэтай якога з’яўлялася развіццё мясцовага самакіравання і ўдзелу грамадзян у ініцыятывах, а таксама развіццё ўзаемаадносін грамадзян, арганізацый і мясцовых органаў улады ў вырашэнні першачарговых праблем Слоніма. Праект рэалізоўвала Слонімскага грамадскае аб’яднанне ўстойлівага развіцця “Мінолс” у супрацоўніцтве са Слонімскім раённым экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі, Слонімскім райвыканкамам, фондам Льва Сапегі і Слонімскай ЖКГ.

Актывісты грамадскага аб’яднання “Мінолс” сумесна з пералічанымі вышэй арганізацыямі ажыццявілі шэраг добрых спраў.  У Слоніме на праспекце Незалежнасці ўпарадкавалі дзіцячую пляцоўку, былі ўстаноўлены горка, арэлі і каруселі. Правялі валанцёрскія акцыі па пасадцы дрэў і кустоў на праспекце Незалежнасці, віктарыны і конкурсы сярод школьнікаў па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя, акцыі па мантажу і ўстаноўцы на тэрыторыі Слонімскага экалагічнага цэнтра цяпліцы для дэкаратыўных кветак і раслін, кармушкі і хаткі для птушак, правялі дзіцячыя святы, гульні і конкурсы. Адбыліся два трэнінгі для дарослых і моладзі на тэмы “Чысты дом, чыстая вуліца, чысты горад” і “Беражы прыроду – утылізуй адходы”, быў выдадзены інфармацыйны бюлетэнь.

Па словах намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Мінолс” Віктара Марчыка, галоўнай мэтай праекту было далучэнне гараджан да мясцовага самакіравання, бо аснова самакіравання – гэта людзі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Cлонім

Фота аўтара