У Слоніме ўрачыста адкрылі помнік Льву Сапегу (абноўлена)
Свята Беларускага пісьменства і друку прайшло ў Слоніме. Сярод размаітых падзеяў: канцэртаў, выставаў, спецгашэння адмысловага канверту, магчымасцю вырабіць паперу і адбіць на друкарскім варштаце старонку па тэхналогіі старадрукаў, цэнтральнай падзеяй стала адкрыццё помніка Льву Сапегу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, які шмат зрабіў для нашай краіны.
Вось як з натхненнем ад убачанага кажа госьць з Маладэчны Валеры Багушэвіч:
Падзея заслугоўвае такой павагі, што нават цяжка апісаць гэта словамі. Я лічу, што патрэбна амаль у кожным горадзе паставіць такія помнікі нашым дзеячам. У Маладэчне, напрыклад, помнік Янку Купалу. Я ўпершыню на такім свяце, лічу, што гэта вельмі добра. Для жыхароў гораду, канешне, гэта вялікае свята.
У расейскамоўным асяроддзі, дзякуючы прайшоўшым святочным падзеям у Слоніме, хоць на крышку беларускай мовы стала больш, а многія прысутныя адчулі гонар за беларускую нацыю, яе гісторыю і мову. Уся галоўная імпрэза – пад час адкрыцця помніку Льву Сапегу праводзілася чыноўнікамі гарадзенскіх абласных уладаў на беларускай мове, што таксама ў гэты дзень паставіла яе на найвышэйшы дзяржаўны ровень, як рэальна дзяржаўнай.
Кажа жыхар Альбярціна Барыс Кучынскі:
Гэта вялікая падзея не толькі для Слоніма, але і для ўсёй Беларусі. Калі такое было, каб помнік беларускаму дзеячу ўсталявалі ў нейкім горадзе, я такога не памятаю. І гэта дае надзею, што мы будзем размаўляць на нашай мове. І я лічу, што мы станем адной з лепшых краінаў, нават у сусвеце! Таму што мы маем грунтоўную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.
На імпрэзу адкрыцця помніка, які цяпер стаіць на пляцы Леніна Слоніма, прыехалі шматлікія госці з розных куткоў Беларусі. Найбольш было гарадзенскіх экскурсійных аўтобусаў, але сустракаліся аўтобусы і машыны і з усходніх рэгіёнаў нашай краіны.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя