У Слоніме ўшанавалі воінаў-мусульман
На Слонімскіх мусульманскіх могілках шмат магіл вайскоўцаў-мусульман, якія загінулі альбо памерлі ад ран падчас Першай сусветнай вайны. Гэтыя маладыя воіны былі родам з Уфінскай, Казанскай і Самарскай губерняў Расеі.
27 траўня на гэтых мусульманскіх могілках у Слоніме адбылося ўшанаванне вайскоўцаў-мусульман. На ўшанаванне прыехалі прадстаўнікі з 11 гарадоў Беларусі, а таксама з Беластока, Масквы і Пскова.
Мерапрыемства распачаў імам-старшыня аб’яднання мусульман Слонімшчыны Сулейман Байрашэўскі, які падзякаваў усім, хто ў гэты дзень прыйшоў на місар пакланіцца продкам і воінам, якія знайшлі вечны спачын на слонімскай зямлі. “Калі будзе пра іх памяць, то мы будзем працягваць іх справы, зберагаць традыцыйны іслам на Беларусі”, — адзначыў спадар Байрашэўскі.
Намеснік муфція Беларусі Рустэм Хасяневіч падкрэсліў, што трэба вучыць нашых дзяцей берагчы сваю рэлігію. Пра зберажэнне сваёй веры казаў і аташэ па рэлігіі пры пасольстве Турцыі ў Беларусі Айдым Озджан. Малітву за памерлых і загінулых прачытаў на слонімскім мізары імам Турцыі Мустафа Такас.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара