У Слоніме збіраюць сродкі на помнік ахвярам партызан
Слонімцы пачалі збор сродкаў на помнік ахвяраў савецкіх партызан.
Сябры Слонімскай суполкі БХД распачалі збор сродкаў сярод слонімцаў на помнік Васілю Струпаўцу – былому жыхару вёскі Якімавічы Слонімскага раёна. Справа ў тым, што ў гады Другой сусветнай вайны яго сям’ю закатавалі мясцовыя савецкія партызаны. З усёй сям’і Струпаўцоў жывым застаўся толькі Васіль.
У красавіку 1943 года ў хату Струпаўцоў увайшлі камандзір савецкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Іван Зайцаў разам з Бухарэўскім, Азановічам, Багуслаўскім і іншымі “партызанамі”. Зайцаў з кулямёта стрэліў па старэйшым Васілю Струпаўцу і па яго маленькім сыне Васілю. Гаспадар хаты быў забіты адразу, а Васіль паранены ў ногі. А потым каты застрэлілі жонку Васіля, двух сыноў і дачку. Пасля бандыты вынеслі ўсё з хаты і падпалілі яе знутры. Але цяжка паранены хлопчык Васіль Струпавец схаваўся пад печ, а потым патушыў у хаце агонь і выпаўз на вуліцу. Там яго падабралі вяскоўцы і адвезлі ў Слонім у шпіталь. Ён выжыў, але застаўся на ўсё жыццё інвалідам і сведкам злачынства савецкіх партызан брыгады імя Панамарэнкі, якія па-зверску закатавалі ў Якімавічах некалькі дзесяткаў вяскоўцаў.
У 1990-я гады Васіль Струпавец быў сябрам БНФ, ён тады і распавёў праўду пра злачынствы “партызан” у сваёй роднай вёсцы. На могілках у вёсцы Якімавічы Васіль Струпавец пахаваны побач з агульнай магілай бацькі, маці, братоў і сястры, закатаваных бандытамі. Крыж на магіле Васіля Струпаўца ўжо амаль згніў. Таму слонімцы вырашылі сёлета сабраць сродкі і ўстанавіць помнік на яго магіле ці крыж. Сябры Слонімскай суполкі БХД у суботу, 29 ліпеня, таксама добраўпарадкавалі магілы Струпаўцоў у вёсцы Якімавічы.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён