У Слоніме збіраюцца правесці пікет у падтрымку кіраўнікоў прафсаюза РЭП
Патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі і праваахоўных органаў спыніць крымінальны пераслед кіраўнікоў прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча збіраюцца актывісты на пікеце ў Слоніме. Заяўку на яго правядзенне 3 верасня прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці раённага цэнтра падалі ў мясцовыя органы ўлады.
Як кажа адзін з актывістаў Віктар Марчык, толькі салідарнасць дапаможа паўплываць на сітуацыю:
– Мы ўсе ў адной лодцы. І, натуральна, трэба дапамагаць адзін аднаму. Калі на кагосьці ціснуць, то трэба супольна вырашаць гэтыя праблемы, бо калі мы будзем разрозненыя, нас перадушаць паасобку. А незалежны прафсаюз – гэта адна з нашых структур, трэба абавязкова яе падтрымаць і ратаваць. Бо калі не будзе незалежных прафсаюзаў, то хто тады будзе дапамагаць працоўным на прадпрыемствах?
Як паведамлялася раней, слонімскія актывісты таксама накіравалі зварот у падтрымку кіраўнікоў прафсаюза РЭП Аляксандру Лукашэнку і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку, а таксама міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Пазней сабраныя пад зваротам подпісы на вуліцах Слоніма актывісты перададуць у гэтыя ж інстанцыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org