У Слоніме змагаюцца супраць звальнення актывіста



Зварот супраць звальнення актывіста незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Міхаіла Сашко падпісалі слонімскія грамадскія актывісты. Дырэктара акцыянернага таварыства  “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка” Анатоля Суботку заклікаюць працягнуць кантракт слесару шостага разраду, які адпрацаваў на прадпрыемстве 30 гадоў і заўсёды выступаў у абарону працоўных. Кажа адзін з падпісантаў звароту Іван Бедка:

– Яго звальняюць за актыўную грамадскую пазіцыю. У інтэрнаце звальнялі вахцёраў, ён за іх заступіўся. Таксама дзякуючы яго ініцыятыве, падвысілі заробкі на яго працы. Ён алкаголь на працы не ўжывае, не прагульвае, але кантракт яму не падоўжылі, хоць да пенсіі засталося тры гады. Мы склалі зварот, падпісаліся, але ж гэта наўрад ці што дасць. 

Пад зваротам з патрабаваннем працягнуць кантракт Міхаілу Сашко падпісаліся таксама Павел Севасцьян з Партыі БНФ, вядомы слонімскі лекар Іван Шэга, Сяргей Бузун з партыі “Справядлівы свет”, Алесь Масюк з “Руху “За Свабоду” і Віктар Марчык з Беларускага незалежнага прафсаюза.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя