У Смалявічах затрымалі ўвесь 11 клас гімназіі



Як напісала ў сваім фэйсбуку пісьменніца Ганна Севярынец, сёння ў Смалявічах затрымалі ўвесь 11 клас гімназіі.

Вучні вярталіся з рэпетыцыі выпускнога вальсу. 

«Сёння ў Смалявічах супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы ўвесь адзінаццаты клас нашай гімназіі, які гуртам вяртаўся цэнтральнай вуліцай з рэпетыцыі выпускнога вальсу. Хлопчыкаў пасадзілі за краты, дзяўчат на лаўкі, пераганялі з буса ў бус, прывезлі ў РАУС, камандавалі стаць тварам да сцяны. Дзякуй богу, жанчына ў РАУСе моцна здзівілася і спыталася: „Нашто вы сюды дзяцей прывезлі?“ І іх выпусцілі.

Адзін хлопчык сказаў: „А гэты бус я ведаю, ім выканкам яго выдзеліў, мы ў гэтым бусе на канцэрт з аркестрам два разы ездзілі“. Наш смалявіцкі дзіцячы аркестр — лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў», расказала пісьменніца.

Гэта гісторыя мела працяг, бо пачалі скардзіцца бацькі затрыманых дзяцей.

Ганна Севярынец паведаміла наступнае: „Паколькі бацькі ўжо хадзілі ў РАУС з нагоды затрымання дзяцей і ім там сказалі, нібыта дзеці лаяліся матам на міліцыянераў, хачу адказна заявіць: гэтыя дзеці НЕ лаюцца матам. Гэта самы моцны клас у Смалявіцкім раёне, з шостага класа яны штогод станавіліся „Класам года” гімназіі, у іх пяць (!) чалавек ідуць на залаты медаль, тры чалавекі з класа з’яўляюцца дыпламантамі абласной навуковай канферэнцыі школьнікаў, тут вучацца шматразовыя пераможцы раённых і абласных алімпіяд па вучэбных прадметах, чэмпіёны „Што? Дзе? Калі?” і пераможцы музычных і спартовых спаборніцтваў. Гэта яшчэ трэба было пастарацца нарвацца менавіта на гэты клас.”