У Смаргоні судзяць Рамуальда Улана



28 снежня пачаўся суд над былым уладальнікам і галоўным рэдактарам “Новай газеты Смаргоні” Рамуальдам Уланам, паведамляе spring96.org.

Яго вінавацяць па крымінальным артыкуле за паклёп у дачыненні да сямі супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС.

У канцы верасня  ў горадзе з’явіліся ўлёткі з дадзенымі міліцыянтаў, якія, на думку мясцовых жыхароў, ілжэсведчылі ў судзе супраць мірных пратэстоўцаў або злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі. Рамуальд Улан сфатаграфаваў гэтыя ўлёткі і выклаў у адным з каментароў у групе “Слухи Сморгонь” сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”. Праз два дні яго затрымалі, правялі ператрусы ў доме і офісе, канфіскавалі аргтэхніку. Рамуальд Улан з таго часу знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Ён не прызнае сваёй віны. Судовае пасяджэнне працягнецца сёння.