У СМІ з’явілася інфармацыя пра мажлівае затрыманне Віктара Лемяшэўскага
Адразу некалькі беларускіх СМІ, першы з якіх інфармацыйны партал tut.by, паведамляюць пра мажлівае затрыманне дырэктара ТАА „ПАК-упраўленне” Віктара Лемяшэўскага.
Фота: TUT.BY
Прадпрымальнік Віктар Лемяшэўскі стаў вядомы ў тым ліку і ў сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода “АйПаўэр” пад Берасцем. З інфармацыі ў СМІ і тэлеграм-каналаў вынікае, што месцазнаходжанне Віктара Лемяшэўскага невядома, а ў самой кампаніі гэтую інфармацыю пакінулі без каментароў:
РР: Добры дзень. Я тэлефаную вам з Беларускага Радыё Рацыя ў сувязі са з’явіўшыйся ў медыях інфармацыі пра тое, што мажліва дырэктар вашай кампаніі затрыманы. Скажыце, калі ласка, хто мог бы пракаментаваць? Хто мае на гэта паўнамоцтва ў вашай кампаніі?
– Не магу вам дапамагчы ў гэтым пытанні. Прабачце.
РР: Скажыце, а вы самі ведаеце, дзе знаходзіцца ваш дырэктар?
– Прабачце, не магу вам адказаць на гэтае пытанне.
РР: То бок, без каментароў.
– Так.
Telegram-канал “Свінцовая варта”, які створаны праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода, паведамляе што: “Тэлефон Віктара Лемяшэўскага адключаны”.
Беларускае Радыё Рацыя