У спартовага аглядальніка „Белсата” Аляксандра Пуцілы канфіскаваныя ноўтбук і мабільны тэлефон
Увечары, 18 чэрвеня, міліцыя наведала менскую кватэру журналіста тэлеканала „Белсат” Аляксандра Пуцілы і правяла так званы агляд.
Гэта адбылося ў межах праверкі па заяве намесніка начальніка міліцыі гораду Жодзіна Міхаіла Мурашкіна, які намагаецца прыцягнуць Аляксандра Пуцілу да адказнасці быццам за абразу. Аднак сярод калегаў журналіста ёсць меркаванні, што на самой справе гэта помста ўладаў за дзейнасць сына Пуцілы, Сцяпана. Ён таксама працуе на „Белсаце” і вядомы як блогер, аўтар youtube-канала Nexta і аўтар аўтар дакументальнага фільм „Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”. Сам Аляксандр Пуціла адмаўляе такую версію і лічыць, што яго пераслед – вынік канфлікту з жодзінскім міліцыянтам, пасля якога журналіст змясціў крытычны пост у Фэйсбуку, дзе раскрытыкаваў паводзіны і знешні выгляд афіцэра міліцыі:
– Ніяк не звязваю са сваім сынам, абсалютна ніяк таму, што не было ні правакацыяў, не было нічога. Быў мой пост. Я не думаю, што гэта нейкая такая ўжо рэч, якая звязаная з маім сынам і г. д. У іх працэсуальныя абавязкі, гэта была праверка. Можа быць была заведзена, як мне сказаў следчы, адміністрацыйная справа, можа быць крымінальная, а можа ўвогуле нічога не заведзена. Не было там ніякай абразы вялікай, але маёр Мурашкін вельмі настойвае на тым, каб мяне пакаралі.
Па словах Аляксандра Пуцілы, канфлікт пачаўся з таго, што афіцэр міліцыі не пусціў яго на футбольны матч, таму што „Белсат” не акрэдытаваны ў Беларусі. Аднак сам намеснік начальніка міліцыі, хаця і знаходзіўся на масавым мерапрыемстве, быў апрануты не па форме, а ў спартовыя штаны. На што журналіст і звярнуў увагу ў сваім пасце ў інтэрнеце. Гэты допіс ён хутка выдаліў.
Супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі агляд кватэры Аляксандр Пуцілы, забралі для праверкі яго камп’ютар і мабільны тэлефон.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsat.eu