У „спіс экстрэмістаў” МУС дададзены чарговыя асобы



Плюс тры чалавека. Столькі на Берасцейшчыне дададзена да так званага спісу экстрэмістаў.

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь абнавіла пералік „асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, і такім чынам іх колькасць у вобласці склала 467 чалавек.

Справу жыхаркі Берасця Ганны Гулевіч разглядалі ў судзе Партызанскага раёна горада Менска. А менавіта ёй прад’яўлена частка 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь або Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Суддзя – Міхаіл Макарэвіч. Якім быў прысуд — пакуль не вядома.

Наступны палітвязень, які ўнесены ў так званы экстрэмісцкі спіс – гэта жыхар Берасця Валер Кулеша. У снежні 2022 года разгляд справы ў адносінах да яго адбыўся ў аршанскім судзе Віцебскай вобласці. Падстава — артыкул 369 або Абраза прадстаўніка ўлады. Рашэнне суда – вызваліць ад крымінальнай адказнасці з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці.

І жыхар Жабінкі Аляксей Міхнюк быў асуджаны па частцы 1 артыкулу 368 і артыкулу 369 або Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Абраза прадстаўніка ўлады. Справу разглядаў бярозаўскі суддзя Зміцер Кавалевіч. Прысуд невядомы.

Беларускае Радыё Рацыя