У сталіцы Беларусі адзначылі 20-годдзе „Менскай вясны”
24 сакавіка 1996 года дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на плошчы і вуліцы гораду на святкаванне „Дня Волі”. Але галоўнай мэтай было адстаяць незалежнасць краіны, пагрозу якой уяўлялі планы стварэння саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Па словах старшыні Руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, які ў тыя час быў адказным сакратаром управы Беларускага Народнага Фронту, у аргамітэт па правядзенню „Дня Волі” ўвайшлі прадстаўнікі асноўных дэмакратычных арганізацый Беларусі, а ўзначаліў яго Васіль Быкаў.
– Беларусы яшчэ не верылі ў свае сілы. На той час яны не адыйшлі ад таго, што не прайшоў ніхто з Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўны Савет ХІІІ склікання. Кожны лічыў, што гэта вельмі моцная параза. Таму было нечакана, што 20 гадоў таму назад беларусы масава выйшлі на вуліцы, вельмі шмат было бел-чырвона-белых сцягоў, і фактычна тады пачалося змаганне з прамаскоўскім стаўленнікам Аляксандрам Лукашэнкам.
Гэтае змаганне працягваецца і цяпер. Менавіта яно і не дазваляе знішчыць незалежнасць Беларусі, таму што праімперскія сілы, памятаючы пра масавасць тых пратэстаў, добра ўяўляюць патэнцыял беларускага супраціву, – сказаў Вячаслаў Сіўчык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя