У старажытнай Каложы пачнуцца будаўнічыя працы



Праект замены драўлянай сцяны завершаны і прайшоў усе неабходныя ўзгадненні.

Плануецца, што працы пачнуцца ў пачатку кастрычніка. Дакладныя даты пакуль не называюць.

Увесну гэтага года праекціроўшчыкі распрацавалі некалькі варыянтаў замены сцяны: з газасілікатных блокаў і дрэва. У выніку ў Мінкультуры ўхвалілі драўляную сцяну з некалькімі пілястрамі – вертыкальнымі выступамі, падобнымі да калон.

Нягледзячы на ​​тое, што праект гатовы, яго пакуль не паказваюць грамадскасці. Вядома, што новая сцяна будзе бардова-карычневага колеру, хутчэй за ўсё, з беларускай хвоі. Існуючую апорную драўляную канструкцыю плануюць захаваць. Каб замяніць старыя дошкі, дах будуць прыўздымаць ўчасткамі. Паставяць новыя вокны, заменяць дзверы. Работы плануюць скончыць да зімы гэтага года.

Нагадаем, у апошнія гады неаднаразова ўздымалася пытанне аб замене драўлянай сцяны Каложы. Даследаванні паказалі, што яе знос складае 80 адсоткаў. Яна моцна пацярпела ад вільгаці і насякомых.

Па ініцыятыве пробашча парафіі протаіерэя Аляксандра Балоннікава двойчы праводзіліся міжнародныя канферэнцыі ў пошуках шляхоў выратавання гістарычнай каштоўнасці ХІІ стагоддзя. Дарэчы, драўляная сцяна паўстала як часовая пасля таго, як палова царквы ў 1853 годзе ўпала ў Нёман. Як высветлілася, пазней яе не раз замянялі, дадавалі пласты.

У чэрвені з фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена 369 834 рублі на будаўнічыя работы па захаванні культурных аб’ектаў у Гародні і вёсцы Крэва Смаргоньскага раёна. Чакаецца, што з іх на гарадзенскую царкву пойдзе каля 200 тысяч рублёў.

vgr.by