У Століне адкрываецца інфармацыйна-навучальны цэнтр для інвалідаў
У Століне, што на Берасцейшчыне, падрыхтаваліся да адкрыцця інфармацыйна-навучальнага цэнтра для інвалідаў. У нядзелю пройдзе фестываль «Інтэграцыя праз мастацтва», а ў панядзелак працу ўрачыста распачне цэнтр.
На базе ўстановы будуць дзейнічаць майстэрні, дзе маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць працаваць, вучыцца рабіць розныя вырабы і зарабляць на гэтым. Кіраўнік Столінскага раённага грамадскага аб’яднання «Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў», Міхаіл Скрабейка, адзначыў, што для такіх грамадзян праца – рэабілітацыя ў кубе:
– Для любога чалавека, не важна інвалід ён ці не, самае важнае, каб была праца. А для інваліда гэта сапраўды праблема ў кубе, таму што часам ён застаецца сам насам. Добра, калі ў яго ёсць бацькі, якія могуць дапамагчы. Але прыходзіць час, калі бацькі ўжо не ў стане гэта рабіць. І трэба самому неяк выжываць, не проста выжываць, а жыць.
Столінскі інфармацыйна-навучальны цэнтр для інвалідаў стане таксама і духоўным асяродкам, бо тут створаны малітоўны пакой, дзе ўжо знаходзіцца ікона вялебнай Манефы Гомельскай і каўчэг з часціцай яе мошчаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rusichi-center.ru
